Я не ведаю, з чаго пачынаць пісаць. Напэўна, трэба пачаць з таго, што спачатку я думаў з’ездзіць у Эстонію. Недзе ў сеціве я бачыў фоты балотаў у Эстоніі і захацелася іх пабачыць ужывую. Пасля гэта перарасло ў шасцідзённую вандроўку ў сталіцы прыбалтыйскіх краінаў. Упершыню ў жыцці атрымліваў візу.
Спачатку я планаваў ехаць цягніком, які прыязжае ў Вільню (Вільнюс, Vilnius) а 10:10 і праходзіць кантроль на вакзале, але пасля я пачытаў артыкул Зісера і зразумеў, што мне лепей прыехаць пазнейшым цягніком, але прайсці кантроль у цягніку.
Цягнік, якім я ехаў адпраўляецца з Мінску а 8:45. Ехаў у вагоне другога класу, калі-сьці даўно-даўно ездзіў у падобнам вагоне з Гомеля ў Мінск. У вагоне разам са мной было яшчэ 5 пасажыраў. Кантроль з беларускага боку праходзіў у Гудагаі, з літоўскага ў Кене. Удалося нават пабачыць памежныя слупы. Адразу пасля мяжы з літоўскага бока чыгунка агароджаная плотам, стаяць камеры і мілыя маленькія пікетныя слупы.
У Вільню цягнік прыбыў а 12:33. На вакзале была нейкая wi-fi сетка, але інтэрнэту праз яе не было. На вакзале ў абменніку абмяняў рублі на літы. На аўтавакзале ёсць платныя wi-fi сеткі, але праз іх атрымліваецца чэкініцца, твіціць і нават чытаць электронную пошту. Але аглядач будзе перакідваць на старонку аўтарызацыі з прапановай аплаціць.
У месцы, дзе я жыў, адміністратарка (спадарыня, якая дала мне ключы ад пакою, дзе я жыў) размаўляла па-расейску з мілым акцэнтам. Сама ж Вільня ў параўнанні з Рыгай і Талінам мне падалася самым не-расейскамоўным горадам.
Пасля таго, як я выклаў непатрэбныя рэчы, я пайшоў у горад.
Ішоў нейкімі не самымі цэнтральнымі вуліцамі. Ішоўшы адной вуліцай заглянуў у двары, а там пустата. (Дарэчы, нават тут бачная Вежа Гедыміна)
Неяк умудрыўся прайсці праспект Гедыміна і не заўважыць яго: звычайная вуліца са сцягамі Літвы і Еўрасаюза.
Ужо пасля я неяк выйшаў на гэты праспект Гедыміна, дайшоў да яго пачатка і падняўся да вежы Гедыміна, з якой можна паглядзець на горад. Там жа я нечакана сустрэў спн. @Abrazumova і сп. @pankrys.
Яны жа падказалі, што ў парке Kalnų ёсць яшчэ адное месца, адкуль можна глядзець на горад. У гэтым парке я зразумеў, што з большага мне не цікава глядзець на гарады вось так. А яшчэ гэты парк — самае цікавае месца ў Вільні для мяне.
Дарэчы, вось ідэяльны момант, каб зразумець, што я не ўмею карыстацца здымачом.
Сам парк знаходзіцца ля ракі Вільні , якая вельмі падобнае да Іслачы.
Вікіпедыя падказвае, што Kalnų parkas значыць парк пагоркаў. З пагоркаў можна спрабаваць глядзець на Вежу Гедыміна.
З парку я патрапіў ува Ўжупіс (Зарэчча). Можа я не туды глядзеў, але нічога асаблівага я не заўважыў. Палякі, якіх, здаецца, было ў Вільні даволі шмат, называлі гэты раён неяк накшталт Зажэча.
Нехта ў твітэры пісаў, што беларуса за мяжой проста пазнаць па таму, як ён не ўмее карыстацца манетамі. Доўга не мог зразумець куды піхаць манеты ў аўтамат на віленскам аўтавакзале.
Перад тым як ехаць у Вільню, я пытаў у твітэры, якой мовай размаўляць у Вільню. І зусім нечакана @travel_an_dream адказаў «російською, в деяких місцях – польською». Пра польскую мову ў Вільні я і падумаць не могу. Польскую я не ведаю, таму нават не спрабаваў размаўляць, але палякаў (турыстаў напэўна) чуў даволі шмат.
А на гэтым надпісе паверх слова Wilno напісана Kurva.
У нядзелю паштамт на праспекце Гедыміна не працуе, таму паштоўкі адпраўляў у панядзелак. На віленскам паштамце дата адлюстроўваецца нейкім цікавым спосабам. Спачатку я думаў, што яна неяк пішацца на вокнах, але неяк не падобна на вокны.
З Вільні начным аўтобусам я паехаў у Талін. У аўтобусе быў кандыцыянер. Кіроўца прывітаў пасажыраў па-літоўску і па-расейску. Пасля прывітаў запісаны голас. Ён вітаў па-літоўску, па-латышску, па-эстонску, па-расейску і па-ангельску.
Лухта.
Да мяне падыходзіў спадар гадоў 60 і спачатку па-літоўску, пасля па-расейску спрабаваў даведацца, дзе там нешта знаходзіцца. Дакладна памятаю, што чуў, як ён казаў «ня знаю».
Працяг пра Талін ёсць і ёсць пра Рыгу.